Беларуская Служба

Былы пасол Польшчы ва Украіне выказаўся пра магчымы канец вайны

17.02.2026 16:13
Гэтым летам можа адбыцца прарыў у перамовах паміж Украінай і Расіяй, кажа былы пасол Польшчы ва Украіне Яцэк Ключкоўскі.
Яцэк Ключкоўскі падчас дыскусіі на тэму «Украіна бліжэй да Захаду» у ВаршавеBartłomiej Zborowski/РАР

У аўторак 17 лютага ў Жэневе праходзіць чарговы раўнд трохбаковых мірных перамоваў. Прадстаўнікі ЗША выступаюць пасярэднікамі ў размовах расійскай і ўкраінскай дэлегацый.

Яцэк Ключкоўскі заявіў Польскаму радыё, што, на яго думку, чэрвень зʼяўляецца прыблізнай датай заканчэння вайны ва Украіне.

— Я застаўся стрыманым аптымістам і лічу, што сёлета, хутчэй за ўсё летам, можа здарыцца пералом. Цяперашні раўнд перамоў у Жэневе істотных перамен не прынясе.

Яцэк Ключкоўскі нагадаў, што Уладзімір Зяленскі хоча правесці рэферэндум аб умовах патэнцыйнага пагаднення з Расіяй. Дыпламат, аднак, падкрэсліў, што арганізацыя любых выбараў у цяперашні час немагчымая.

— Правядзенне рэферэндуму патрабуе гарантый бяспекі для людзей, якія будуць галасаваць, таксама і выбары. На маю думку, спачатку павінна быць спыненне агню, а потым рашэнне пра адмену ваеннага становішча. Толькі потым можна пачаць выбарчы працэс.

Перамовы паміж дэлегацыямі ЗША, Расіі ды Украіны працягнуцца два дні. Уладзімір Зяленскі абвясціў, што падчас сустрэчы ў Жэневе можа быць абмеркавана прапанова аб стварэнні так званай «свабоднай эканамічнай зоны» на Данбасе. Украінцы баяцца, што прапанова ЗША можа азначаць перадачу ўсёй тэрыторыі Данбасу Расіі.

ПР/юл